ЧЭМПІЁНЫ З УЛАСНАГА ПАДВОРКА
2019-02-27
Бухгалтар Апечкаўскага лясніцтва Стаўбцоўскага лясгаса жыхарка вёскі Апечкі Ірына Бычко са сваімі дамашнімі гадаванцамі прыняла ўдзел у Міжнароднай выставе-шоу грызуноў, тхароў і трусоў «Зімнія слядочкі 2019», якая прайшла ў Палацы спорту ў Мінску.
Ірына Пятроўна паехала на выставу з трусамі перспектыўных парод. Яе прыгажун бургундскі стаў чэмпіёнам выставы, а трус пароды вялікае светлае серабро заняў 3-е месца. Для Ірыны Пятроўны гэта вялікая прыемнасць і стымул займацца трусагадоўляй на вясковым падворку прыватнага дома. У яе дамашняй міні-ферме каля 50 жывёлін.
Ацэньвала гадаванцаў эксперт міжнароднага класа з Латвіі Дацэ Каула, якая неаднаразова судзіла на еўрапейскіх выставах дэкаратыўных звяркоў у Эстоніі, Літве, Польшчы, Славакіі, Расіі, Латвіі. Так што Ірына Бычко ганарыцца сваімі пушыстымі гадаванцамі, якія яе не падвялі. Гэта ацэнка і гаспадыні: у іх прэзентабельны выгляд і здароўе яна ўклала нямала працы, клопатаў, уменняў і любові.
Узнагародай для Ірыны Пятроўны стаў пазітыўны настрой, прыемныя ўражанні ад выставы-шоу, новыя веды, знаёмствы з такімі ж аматарамі жывёл з суседніх краін. А пушыстаму бургундскаму велікану — чэмпіёнскі кубак!


