info@stolbzyles.by
ГЛАВНОЕ МЕНЮ

К 75-годдзю вякілай ПЕРАМОГІ

2020-05-06

У ліку нешматлікіх ужо франтавікоў Вялікай Айчыннай вайны і адзіны ветэран Стаўбцоўскага лясгаса Віктар Лядзецкі. Нягледзячы на тое, што жыве ён на хутары ў лесе, да яго не зарастае сцяжынка. Кіраўніцтва лясгаса і Старынскага лясніцтва заўсёды паклапоцяцца, у чым мае патрэбу шаноўны ветэран. Найпершы клопат на аддаленым хутары – дровы, іх ветарану па патрэбе дастаўляюць. Віктар Дзмітрыевіч заўсёды сустрэне жаданых гасцей сваёй прыветнай усмешкай. У 95 гадоў ён застаецца фізічна падцягнутым, загартаваным у працы. Больш за 30 гадоў ён адпрацаваў лесніком у Старынскім лясніцтве. Ведае кожны куточак лясных угоддзяў, ахове і развіццю якіх ён аддаў свае ўменні і сілы душы. За бездакорную працу ён неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і ўдастоены ордэна «Знак Пашаны».

Вялікая Айчынна вайна для яго пачалася яшчэ ў партызанскім атрадзе. У час акупацыі ён быў сувязным. Хадзіў у Стоўбцы, каб здабыць звесткі аб часе руху па чыгунцы варожых саставаў. Прызвалі яго ў войска ў 44-ым. Франтавыя дарогі ветэрана праляглі праз Расію, Польшчу, Германію. Першы бой у яго франтавым жыцці адбыўся ва Усходняй Прусіі. Пехацінец з ёмкім па вазе кулямётам «Максім» прайшоў нямала франтавых кіламетраў пад абстрэлам, у холадзе і голадзе. Удзельнічаў у жорсткіх баях на рацэ Вісла, дзе адбылася сустрэча байцоў з маршалам Жукавым. Потым былі цяжкія баі на  Одэры. Наглядзеўся жахаў вайны, кожны дзень бачыў смерць баявых таварышаў. У баях на тэрыторыі Германіі Віктар Лядзецкі быў паранены ў нагу. Дзень Перамогі ён сустрэў у Германіі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна».

Пасля вайны Віктар Дзмітрыевіч яшчэ тры гады служыў у камендатуры ў Германіі, ахоўваў заводы, прадукцыю якіх адпраўлялі ў разбураную вайной Расію. Быў сведкам пакарання смерцю былых кіраўнікоў гітлераўскай Германіі пасля Нюрнбергскага працэсу.

Наступныя тры гады Віктар Лядзецкі ахоўваў Крэмль, у яго былі перспектывы ваеннай кар’еры. Аднак ён вырашыў вярнуцца дамоў, у сваю Беларусь, на свой хутар Рудзьма, дзе пражыў дастойнае жыццё.

З ДНЁМ ПЕРАМОГІ !