Неўзабаве ў Стоўбцах з’явіцца лыжная траса для аматараў здаровага ладу жыцця
2022-01-31
На ўскраіне Стоўбцаў, у так званых Прысадах, неўзабаве з’явіцца лыжная траса для аматараў здаровага ладу жыцця.
Галоўнае пажаданне пад Новы год – каб выпала пабольш снегу і можна было накатаць лыжню.
Цяпер там працуюць Стаўбцоўскае АКС, лясгас — вядзецца планіроўка мясцовасці, выразанне драўнінна-куставой расліннасці. Да гэтага тут панавалі суцэльныя зараснікі. У сувязі з моцнымі маразамі работы крыху прыпынены.
– Ці можна спадзявацца стаўбчанам на лыжныя прагулкі па трасе ў навагоднія і калядныя выхадныя? – пацікавілася рэдакцыя газеты ў дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Стаўбцоўскага раёна Мікалая Мазура.
– Усе ўмовы для гэтага ёсць, але будзе залежаць ад надвор’я. Для лыжні вышыня снежнага покрыва павінна складаць не менш за 20 см. Калі снегу падкіне, мы з выхаванцамі спартыўнай школы пастараемся аператыўна накатаць лыжню на тых участках, дзе мясцовасць ужо падрыхтавана.
– Якая працягласць лыжні?
— Лыжня будзе ісці па кругу. Яе працягласць — 800 метраў. Тут цудоўны лес, побач горад. У будучым плануецца абсталяваць гэта месца лавачкамі, альтанкамі і выкарыстоўваць круглы год. Напрыклад, тут будзе прыемна пакатацца на веласіпедзе, заняцца бегам, проста прагуляцца. Зімой, канешне, лыжы.
Рэдакцыя даведалася, што месца, дзе неўзабаве праляжа лыжня, атрымала назву “Экалагічнай сцежкі”, і яе добраўпарадкаванне ўключана ў маштабны праект “Стоўбцы – здаровы горад”.
Па матэрыялах газеты «Прамень»


