info@stolbzyles.by
ГЛАВНОЕ МЕНЮ

Па Налібацкім краі пралёг веламаршрут

2018-06-06 15:47:49

 Налібацкі край быў выбраны маршрутам сёлетняга V раённага велапрабегу і, як сімвал Стаўбцоўшчыны, стаў прысвячэннем  Году малой радзімы.

– Пазнаючы Стаўбцоўшчыну, наша моладзь ужо праехалася па Коласавых мясцінах з заездам у Новы Свержань, Вішнявец. Пабывала яна ў Жукавым Барку, Наваполлі. Летась адкрылі для сябе экалагічную веласцяжыну ў Хатаўскім лясніцтве, – падагульняюць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анастасія Віслаўская і першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Акурат на веласцяжыне ляснічы Хатаўскога лясніцтва Анатоль Бычкевіч і падказаў арганізатарам, што наступны раз велапрабег варта пусціць па Налібаччыне.

Ідэя ганаровага лесавода была пачута, тым больш, што Стаўбцоўскі лясгас неаднойчы аказваў дапамогу ў рэалізацыі маладзёжных і іншых праектаў. Галоўны ляснічы Сцяпан Явід з’яўляецца актывістам БРСМ і, па выніках абласнога конкурсу, быў прызнаны маладзёжным лідарам Міншчыны ў сферы лясной гаспадаркі. І на гэты раз пры яго непасрэднай падтрымцы быў «выбудаваны» для раённага велапрабегу пушчанскі маршрут. Правёў па ім ляснічы Налібацкага лясніцтва Сяргей Грынюк. У Кляцішчанскім лясніцтве, куды вывела дарога з Кромані, сустрэў ляснічы Аркадзь Панамароў і запрасіў пазнаёміцца з гаспадаркай лясніцтва. Тут была магчымасць паназіраць за коньмі, наведаць пасеку, міні-дэндрапарк, гадавальнік, дзе вырошчваюць у тым ліку і экзатычныя насаджэнні. На памяць ва ўдзельнікаў велапрабегу засталіся фотаздымкі, а яшчэ – смак свежага мёду з першацветаў…

І гэта далёка не ўся экзотыка пушчанскага краю, якая суправаджала ўдзельнікаў велапрабегу. Грацыёзны алень выйшаў ім насустрач, перабег дарогу. Абапал яе, на балоце, плавалі дзікія качкі, квітнелі дзікія ірысы. Здавалася, усё жывое размаўляла сваімі фарбамі і гукамі.

Да ўдзельнікаў велапрабегу далучылася і група старшакласнікаў з Налібацкай школы. Увогуле, склад удзельнікаў быў прадстаўлены аматарамі здаровага ладу жыцця і актыўнага адпачынку самых розных узростаў, з розных працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый: актывісты БРСМ і Таварыства беларускай мовы, Стоўбцыгаза, філіяла маторнага завода, АКС, мясакансервавага камбіната і т. п.             

Ад касцёла ўдзельнікі велапрабегу ўзялі кірунак на вёску Целяхі і рыбалоўна-турыстычны комплекс «Кромань». Пакуль пераадольвалі кіламетры, прагаладаліся. У альтанках на беразе Кромані іх чакаў смачны абед ад СЖК «Налібакі». Затым у праграме, як ужо згадвалася вышэй, было Кляцішчанскае лясніцтва і – сапраўднае шматкіламетровае падарожжа па пушчы. Па гэтай глухой лесагаспадарчай дарозе звычайна рухаюцца лесавозы, іншая цяжкая тэхніка, а веласіпеды, ды ў такой колькасці, – вельмі рэдка.

Для сябе арганізатары велапрабегу зрабілі выснову: можна прапаноўваць аддаленыя і нязведаныя маршруты, ёсць тыя, хто гатовы іх пераадольваць.