info@stolbzyles.by
ГЛАВНОЕ МЕНЮ

Председатель районного исполнительного комитета Д.С.Колесень посетил Столбцовский лесхоз

2019-03-22

У рамках графіка  планавых сустрэч  у працоўных  калектывах раёна  старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень  наведаў  Стаўбцоўскі  лясгас.

Прэамбулай размовы паслужылі словы кіраўніка раёна да прысутных, што сустрэча будзе праходзіць не ў афіцыйным фармаце, а як дыялог, і старшыня райвыканкама з увагай выслухае, чым жыве калектыў, якія пытанні хвалююць людзей не толькі ў вытворчай сферы, але і ў грамадскай і бытавой, бо задача мясцовай улады – ведаць усе праблемы, настрой людзей і садзейнічаць вырашэнню пытанняў, што ўзнікаюць.

Работнікі лясной гаспадаркі з увагай і цікавасцю слухалі пра поспехі ў іншых працоўных калектывах розных сфер. Калектыў лясгаса атрымаў удзячнасць старшыні райвыканкама за вялікую дапамогу ва ўзвядзенні індывідуальных домікаў для нованароджаных цялят, што паспрыяла атрымаць такі высокі вынік па захаванасці маладняку.

Залу ажывіла паведамленне, што ёсць падтрымка кіраўніцтва аблвыканкама па распачынанні будаўніцтва ў Стоўбцах чацвёртай агульнаадукацыйнай школы. Старшыню райвыканкама хвалюе пытанне абавязковай патрэбы будаўніцтва аб’язной дарогі для грузавога транспарту, узвядзення пешаходнага пераходу на аварыйным участку на аўтастрадзе М1 у раёне Коласава, асфальтавання гарадскіх вуліц, добраўпарадкавання дарог у сельскай мясцовасці. Зацверджаны план правядзення чарговасці работ па добраўпарадкаванні дарог.

Калектыў лясгаса яшчэ больш згуртавала высокая ацэнка, якую даў Дзяніс Колясень адносна дзейнасці іх арганізацыі. Была выказана задаволенасць тым, як пабудавана работа ў калектыве: з адказнасцю і веданнем справы. Дзяніс Сяргеевіч заклікаў кожнага праяўляць асабістую чэснасць, нераўнадушную пазіцыю, сумленнасць у той справе, хто якую павінен выконваць. Высока ацэнены перспектыўныя напрамкі работы лясгаса. У вытворча-майстарскім участку «Акінчыцы» сёлета запушчана новая лінія па вытворчасці абразных піламатэрыялаў славенскай фірмы «Мебор» магутнасцю 18 тысяч метраў кубічных піламатэрыялаў у год. 60 працэнтаў выпушчанай прадукцыі зарыентавана на экспарт. Заключаны дагавор з лізінгавай кампаніяй на набыццё двух сушыльных комплексаў для гэтай вытворчасці з разавай загрузкай 200 метраў кубічных піламатэрыялаў. Працягваецца закупка харвестараў, МАЗаў і спадарожных агрэгатаў для спецтэхнікі.

Калектыў лясгаса атрымаў удзячнасць райвыканкама за дапамогу сацыяльным установам у вёсках, у добраўпарадкаванні дарог. Выказана просьба да працаўнікоў лясной галіны ўключыцца ў работу па падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чакаецца дапамога ў навядзенні парадку на ваенных пахаваннях, ля абеліскаў і помнікаў.

Ва ўнісон гэтым прыемным момантам сустрэчы старшыня  раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Іосіф Грыгарцэвіч выказаў вялікую ўдзячнасць калектыву лясгаса за клопаты па навядзенні парадку на возеры Кромань. З нядаўняга часу месцы адпачынку на тэрыторыі гэтай жамчужыны Налібацкай пушчы знаходзяцца ў ведамстве Стаўбцоўскага лясгаса. Пасля былога гаспадара, які ўзяў возера Кромань у арэнду для ажыццяўлення сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, давялося правесці нямала аднаўленчых падводна-тэхнічных работ. Добраўпарадкаваны пляж, зроблены агароджы, устаноўлены малыя архітэктурныя збудаванні. За рупнасць калектыву ў прыродаахоўнай дзейнасці Іосіф Грыгарцэвіч уручыў дырэктару лясгаса Генадзію Кажушку грамату раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах.

Работнікі лясгаса, якія прыехалі на сустрэчу з усяго раёна, задалі Дзянісу Колясеню свае набалелыя пытанні. Яны тычыліся стану дарогі ад Церабейнага да Кляцішча, адсутнасці тэлефоннай станцыі і цэнтральнага водаправода ў вёсцы Сцяцкі, належнага пад’езду да дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай у райцэнтры.