info@stolbzyles.by
ГЛАВНОЕ МЕНЮ

СУМЕСНАЯ АКЦЫЯ «Мядовы Спас»

2019-08-21

СУМЕСНАЯ АКЦЫЯ «Мядовы Спас»

Айцец Георгій асвячае мёд новага ўраджаю

Такую прыгожую назву мела дабрачыннае свята, праведзенае філіялам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына». Ініцыятыву дырэктара філіяла Яўгена Шавеля падтрымалі Стаўбцоўскі лясгас і Кафедральны сабор святой праведнай Ганны. Лясгас ахвяраваў мёд для пачастунку, а клірык сабора айцец Георгій Кур’ян здзейсніў чын асвячэння мёду. Быў асвечаны мёд новага ўраджаю з пасек лясгаса. У свяце прынялі ўдзел намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа і в. а. майстра Акінчыцкага лясніцтва Валерый Говен.

На мерапрыемства былі запрошаны  дзеці з аддзялення сацыяльнага прытулка Стаўбцоўскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і выхаванцы Акінчыцкага дзіцячага сада.

Прыемна пачаставацца аладкамі

Старшы навуковы супрацоўнік філіяла музея Софія Міцкевіч правяла для малышоў экскурсію, паведаміла ім аб тым, што ў гэтым мемарыяльным доме нарадзіўся класік беларускай літаратуры – наш зямляк Якуб Колас.

Затым адбылася ўрачыстая частка свята з уступным словам Яўгена Шавеля. Айцец Георгій расказаў дзецям, чаму свята называецца Мядовым Спасам, чаму існуе традыцыя прыносіць плады новага ўраджаю ў храм для асвячэння – каб падзякаваць Богу за гэтыя дары, падзяліцца імі з акружаючымі, з тымі, хто іх не мае.

Затым дзяцей запрасілі да стала. Хіба можа быць больш прыемны пачастунак, чым аладкі з мёдам! Прыемна было назіраць за дзятвою на ўлонні прыроды ва ўтульным дворыку Коласавага доміка-калыскі. Выхавацелі з жартам напаміналі ім, каб пакідалі месца для абеду, які таксама чакаў іх перад сном у дашкольнай установе.

Яўген Шавель і Валерый Говен падчас свята

Свята было простае, але адраснае, з міласцю сэрца, з удзячнасцю прынятае, па-дамашняму цёплае і ўтульнае.

Софія Міцкевіч на памяць аб гэтым дні падарыла кожнаму дзіцяці вокладку для кніжкі з выказваннем Якуба Коласа: «Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову».

Традыцыі адзначэння хрысціянскіх і народных святаў на ўлонні прыроды кіраўніцтва філіяла музея Якуба Коласа мае намер прадаўжаць.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара