info@stolbzyles.by
ГЛАВНОЕ МЕНЮ

СУСТРЭЧА Ў ЛЯСГАСЕ

2019-08-29

Старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колясень правёў чарговую сустрэчу з мясцовымі жыхарамі і калектывам лясгаса.

Прысутныя маглі падчас сустрэчы задаць свае пытанні. Пытанні паступалі розныя, але, самае галоўнае, дыялог атрымаўся адкрытым, шчырым.

Супрацоўнік лясгаса, жыхар вул. Міцкевіча г. Стоўбцы, звярнуўся да старшыні райвыканкама з просьбай дапамагчы разабрацца з яго праблемай. На мяжы яго зямельнага ўчастка знаходзіцца сцяна нейкага даўнейшага збудавання. Вышыня яе – каля чатырох метраў. Сцяна пачала разбурацца, што стварае небяспеку і для гаспадароў участка, і для дзяцей. Грамадзянін цікавіцца, куды можна звярнуцца, дзе атрымаць дазвол на знос данай пабудовы.

Старшыня райвыканкама даў даручэнне камісійна выехаць на месца і дапамагчы разабрацца з данай праблемай.

Жыхар вул. Лугавой г. Стоўбцы падняў пытанне наконт грэйдзіравання вуліцы і абкошвання баршчэўніку Сасноўскага, а таксама папрасіў, каб у іх мікрараёне паставілі невялікую гандлёвую кропку (павільён) з таварам першай неабходнасці, бо тут пражывае шмат пажылых людзей, а магазін знаходзіцца далекавата.

Жыхары вул. Падлеснай райцэнтра агучылі, што на данай вуліцы назіраюцца парушэнні хуткаснага рэжыму. Другое пытанне, якое хвалюе гараджан, – гэта чысціня паветра. Вуліца Падлесная размешчана каля чыгункі, і, калі выгружаецца даламіт, то стаіць такі пыл, што на аўтамабілі нават не праехаць – утвараецца  «туман».

Пытанне абкошвання нічыйных участкаў падняў жыхар вул. Сацыялістычнай г. Стоўбцы (каля філіяла Гарадзейскага цукровага камбіната).

Усе пытанні ўзяты на кантроль. Як зазначыў Дзяніс Колясень, нявырашаных праблем не бывае, і недапрацоўкі будуць ліквідаваны ў самы бліжэйшы час.

Затым Дзяніс Сяргеевіч праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб сацыяльна-эканамічным развіцці нашага горада. У г. Стоўбцы ў хуткім будучым плануецца будаўніцтва сярэдняй школы № 4, ужо рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя. А ў сувязі з тым, што па вул. Задвор’енскай утварылася прамысловая зона (ТАА «Сула Плюс», СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», ТДА «Аграмашзапчастка», побач знаходзіцца ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»), а грузавы транспарт рухаецца па вул. Міру, Цэнтральнай, разглядаецца пытанне аб пабудове аб’язной дарогі з данага раёна на дарогу Р1.

Да канца жніўня гарадскі парк «Дружба народаў» папоўніцца новай гульнявой кампазіцыяй для дзяцей, а каля ФАКа будзе спартыўная пляцоўка, каб дзеці маглі і пагуляць, і пазаймацца спортам. Каля магазіна «Гаспадарчыя тавары» будзе будавацца гандлёва-забаўляльны цэнтр з дзіцячым кафэ, кінатэатрам.

Старшыня райвыканкама зазначыў: «Што тычыцца перспектыў развіцця горада, то тут неабходна адкрываць новыя вытворчасці, звяртаць увагу на ініцыятыву людзей. І, безумоўна, развіваць спорт і турызм».

Такія сустрэчы насельніцтва з кіраўніцтвам раёна дазваляюць жыхарам Стаўбцоўшчыны аператыўна вырашыць усе свае набалелыя пытанні, даведацца, як і чым жыве раён, аб перспектывах яго развіцця.

 

Па матэрыялам раённай газеты «Прамень»